СЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 10—18.6.1938 у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 чл. і канд. у чл. партыі (без вайсковых арг-цый). Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (АА.Волкаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.І.Малінін); выбары ЦК КП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі гасп. і культ. будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля шаснаццатага з’езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прам-сці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб’яднана 88% сял. гаспадарак (96,2% пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З’езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938) пленума ЦК ВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з ВКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15.5.1938 у КП(б)Б было разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУС БССР, КПК пры ЦК ВКП(б) па БССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысав. падполле «віло сабе гнёзды» ў парт. апараце, органах дзярж. улады, наркаматах і грамадскіх арг-цыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18.6.1938 у газ. «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦК ВКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрв. ў прэзідыуме з’явіўся сакратар ЦК ВКП(б) А.А.Андрэеў разам з нам. заг. Аддзела кіруючых парт. органаў ЦК ВКП(б) П.К.Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на інш. работу, а ў склад ЦК КП(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 66 чл. і 23 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3. 1933—1945. Мн., 1985.
Р.П.Платонаў.
т. 14, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)